Home » Досвед рэстаўрацыі афіцыны і аранжарэі ў 2014–2015 гг.
У ходзе рэстаўрацыі ставілася мэта прыстасаваць афіцыну і аранжарэю любаўскага маёнтка для патрэбаў музея такім чынам, каб, наколькі магчыма, самі будынкі адначасова выступалі і ў ролі экспанатаў. Часцяком прыстасаванне па сутнасці найбольш знішчае гістарычную аўру збудаванняў. Таму прыкладаліся ўсе намаганні, каб у ходзе рэстаўрацыі з пабудоваў культурнай спадчыны не былі сцертыя сляды часу. У рэшце рэштаў, менавіта сляды часу і ёсць тое самае несумненна каштоўнае, што мы маем.
Сцены афіцыны аселі ў грунт на глыбіню да 30 см. Найглыбей прасеў доўгі фасад будынка з боку двара на ўзроўні дзвярэй і паўночны кут будынка, а найменш – паўднёвы яго кут. У савецкія часы былі ўсталяваныя бетонныя контрфорсы, каб перадухіліць падзенне ўсходняй і паўднёвай сцен будынка. Пасля таго, як падмурак збудавання быў умацаваны закошт паглыблення і апоры ў стабільны грунт, сцены падмацаваныя кольцам, а контрфорсы - дэмантаваныя, раскрыліся адзнакі часу. Доўгія фасады афіцыны, падымаючыся ўверх, так моцна дэфармаваліся, што нават можна было б усумніцца, ці не такая і была архітэктурная задума. Будынак на ўзроўні перакрыццяў у некаторых месцах пашыраецца ажно болей чым на 40 см. Дзякуючы ўмацаванню плоскасцяў сцяны эліптычнай формы, удалося іх зафіксаваць у стане, памежным са знікненнем культурнай каштоўнасці. Шмат гадоў таму ў Ёрку (Вялікабрытанія) я бачыў драўляны будынак, што пад уздзеяннем часу зазнаў моцную дэфармацыю – яго фасадная сцяна моцна выварочвалася на вуліцу. Гэтая карціна ў памяці захавалася надоўга. Цяпер і тут, у Літве, ёсць узор такой уражваючай дэфармацыі і здранцвення ў гэткім стане мураванай сцяны – гэта афіцына сядзібы панскага маёнтка ў Любаве.
У ходзе падкопу пад падмуркам з мэтай яго паглыблення найтаўсцейшы слой чарназёму – да 1,8 м глыбіні – выяўлены таксама пад тымі месцамі, дзе сцены больш за ўсё праселі. Пад падмуркам паўднёвай сцяны знойдзеныя рэшткі кафлі XVI ст., посуду і драўляных дошак. Грунт пад падмуркам вельмі шматслойны, чым нібыта ілюструецца і культурная шматпластовасць мінуўшчыны гэтых мясцін.
Паўночная сцяна аранжарэі была амаль павалілася, пазней падпёртая. І тут удалося стабілізаваць сцяну, якая была нахіленая амаль на ўсю сваю таўшчыню. Цяпер сапраўды надзвычай цікава ўвайсці ў дзверы, што паўтараюць накіраванасць сцяны.
Перакрыцці і дах афіцыны ды аранжарэі не былі першапачатковыя. Іх давялося рэстаўраваць на падставе матэрыялу даследаванняў. Быў абраны ранні перыяд, калі, як мяркуецца, афіцына яшчэ не выконвала функцыі казначэйства, а службоўцы і аркестр, як ведаем ад К. Тышкевіча, пражывалі ў вялізным двухпавярховым будынку з брамным праёмам пасярэдзіне. У паўночным памяшканні афіцыны поліхраматычнымі даследаваннямі выяўлена аж 18 слаёў стратыграфічнай фарбы. Адноўленыя масіўныя адкрытыя бэлькі, на якіх трымаецца канструкцыя мансарднага паверху. У савецкія часы, калі перакрыцці былі ўсталяваныя надта нізка, вышыня памяшканняў афіцыны ў сярэднім знізілася прыблізна на метр. Вышыня памяшканняў першага паверху ў рэстаўраваным будынку (да нізу бэлек) складае 3,9 м.
У паўночнай частцы будынку афіцыны захавалася драўляная падлога – як меркавалася, першапачатковая. Калі ў часе рэстаўрацыі масніцы былі ўзнятыя для перасцілкі, чакаў сюрпрыз – пад імі знойдзеная яшчэ адна падлога, якая пакрывала ўсю плошчу пакоя. Пад пластом савецкага бетону ў паўночна-заходнім, найменшым, памяшканні выяўлены аўтэнтычны насціл з чырвонай цэглы. Аўтэнтычны фрагмент насцілу ацалеў і каля шырокіх дзвярэй. Асновы печаў знойдзеныя паміж малымі памяшканнямі, а таксама ў сярэдзіне вялікага памяшкання – гэтая, хутчэй за ўсё, была пазнейшая. У працэсе пабудовы печы памяшканне было раздзеленае сцяной.
У нас было жаданне максімальна захаваць шматлікія пласты тынку і ляпніны на сценах афіцыны. Праведзеныя поліхраматычныя даследаванні маглі дапамагчы аднавіць інтэр'ер памяшканняў. Мы не імкнуліся ўзнавіць якое-небудзь адно рашэнне, бо гэта ўжо стала б вяртаннем да пласта, на нейкі час пазнейшага за пачатковы. Дзверы, вокны афіцыны і аранжарэі вырабленыя ў адпаведнасці з характарам часу будаўніцтва (звярніце ўвагу на таўшчыню ўнутраных дзвярэй!), для афарбоўкі дзвярэй падабраны адзін з пачатковых колераў унутраных сцен, вызначаных дзякуючы поліхраматычнаму даследаванню. З улікам таго, што ў якасці першага пласта выступае грунт, тыя месцы, дзе тынк абсыпаўся, пафарбаваныя колерам другога стратыграфічнага пласта.
У аранжарэі захаваная абаграваная сцяна, для экспазіцыі адкрытыя фрагменты абагрэву насцілу. На ўзор кафлі, знойдзенай у будынку, адноўленая печ XVIII ст.
More information related to the Project: