Rafal Slizienm6
Скульптар і архітэктар Рафал Слізень (1804−1881). “Księga pamiątkowa na uczczenie setnej rocznicy urodzin Adama Mickiewicza (1798−1898)”. T. 1−2. Варшава.
Першым з роду Слізняў ў Любаўскім маёнтку пасяліўся Рафал Слізень.
Ён праславіўся як мастак, што сваімі скульптурамі і медалямі прадстаўляў віленскую школу рамантызму.
Рафал Слізень стварыў вельмі багата работ дробнай пластыкі, нярэдка дарыў іх знаёмцам. З натуры Рафал стварыў медальён Генрыка Жавускага, партрэты графаў Яўстаха і Кастуся Тышкевічаў, Тамаша Зана, Яна Чачота, Эдварда Адзінца, Міхала Ромера, прафесара Адамовіча ды шмат якіх іншых сваіх сучаснікаў.
assets/Uploads/_resampled/SetWidth211-tevuvestmet211.jpg
Рафал Слізень. Медаль з нагоды залатога вяселля бацькоў, Нацыянальны музей Літвы, бронза, аддз.
assets/Uploads/_resampled/SetWidth211-vazynski211.jpg
Рафал Слізень. Біскуп Аляксандр Важынскі, Літоўскі мастацкі музей, медальён, бронза, рэльеф, аддз. 128
assets/Uploads/_resampled/SetWidth211-tyszkiewicz211.jpg
Рафал Слізень. Яўстах Тышкевіч. 1850. Літоўскі мастацкі музей, медальён, бронза, рэльеф, аддз. 125.
assets/Uploads/_resampled/SetWidth211-zan211.jpg
Рафал Слізень. Тамаш Зан. 1854. Літоўскі мастацкі музей, медальён, гіпс, аддз. 145.

Рафал Слізень

Першым з гэтага роду ў Любаўскім маёнтку пасяліўся Рафал Слізень (Rafal Slizien, 1804–1881), які ў 1832 годзе ажаніўся з Каміляй Тышкевіч. Ён праславіўся як мастак, што сваімі скульптурамі і медалямі прадстаўляў віленскую школу рамантызму.

Будучы скульптар напачатку навучаўся ў базыльянаў Вольна, пазней – у Полацкай езуіцкай калегіі. Рафал сам хацеў стаць езуітам, чаго не ўхваляў бацька. Скончыўшы навучанне ў Полацку, прыехаў у Вільню і паступіў на аддзяленне маральных навук (юрфак) Віленскага ўніверсітэта. Браў актыўны ўдзел у дзейнасці таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Вывучаў мясцовае, рымскае, крымінальнае, кананічнае права, сусветную гісторыю, статыстыку, філасофію, а ў вольны час браў урокі мастацтва ў знакамітага Яна Рустэма. Тут ён навучыўся маляванню, пачаў ствараць акварэльныя партрэты, мініяцюры, дасціпныя карыкатуры.

Пазней пераехаў у Пецярбург, дзе некалькі год служыў у Міністэрстве ўнутраных спраў, быў службоўцам. Пазнаёміўся з мастакамі Аляксандрам Арлоўскім і Вінцэнтам Смакоўскім. Тады пачаў ствараць медалі. У Пецярбургу сустракаўся з Адамам Міцкевічам, з якім абменьваўся забаўнымі вершыкамі. Падарыў маці каханай Міцкевіча Марыі Шыманоўскай медальён, які сам стварыў. На просьбу бацькі ў 1830 годзе вярнуўся ў Літву.

Пасля шлюбу Рафал жыў жыццём простага памешчыка, але не забыў мастацтва, шмат вандраваў. Быў не толькі вельмі таленавітым скульптарам, але і надзвычай здольным архітэктарам, будаваў невялікія сядзібкі і іншыя будынкі ў правінцыі, планаваў прысядзібныя паркі. "Нават пасаджаныя дрэвы былі поўныя паэзіі. Дзесьці ўдалечыні адкрыецца від на касцёл, рачулку – амаль з нічога ён ствараў сапраўды пекны краявід. Суседзі здолелі належным чынам ацаніць вялікі талент і густ спадара Рапала, звярталіся па дапамогу і яе атрымлівалі, таму смела можна сцвярджаць, што Наваградскі павет мае прыгожыя селішчы і рэзідэнцыі толькі дзякуючы Рафалу Слізню", – пісаў сучаснік скульптара.

Рафалу асабліва падабаўся гатычны стыль. Будынкі ён аздабляў вежкамі, любіў высокія гатычныя вокны з шылаватымі канцамі, таму імаверна, што ён быў і аўтарам праекту перабудаванай любаўскай драўлянай капліцы.

Рафал стварыў вельмі багата работ дробнай пластыкі, нярэдка дарыў іх знаёмцам. Вядомыя і скульптурныя партрэтныя бюсты, прыкладам – бюст Адама Міцкевіча, падараваны віленскаму Музею старажытнасцяў. З натуры Рафал стварыў медальён Генрыка Жавускага, партрэты графаў Яўстаха і Кастуся Тышкевічаў, Тамаша Зана, Яна Чачота, Эдварда Адзінца, Міхала Ромера, прафесара Адамовіча ды шмат якіх іншых сваіх сучаснікаў.

Рафал Слізень быў папулярнай і прывабнай асобай. Сучаснікі прыгадваюць ягонае пачуццё гумару, захапленне показкамі, праніклівасць, пастаянную зацікаўленасць ва ўсім. Мастак памёр раптоўна, 20 траўня 1881 года, у сваім маёнтку ў Любаве, не дачакаўшыся ўрачыстасцяў, прымеркаваных да залатога вяселля.